РУС БЕЛ ENG

Школьны музей на старонках энцыклапедыі

12.10.2022

Школьны музей на старонках энцыклапедыі

Да 90 – годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” выпусціла энцыклапедыю пра выдатнага беларускага пісьменніка Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча, нашага славутага земляка. Гэта аднатомнае выданне на 500 старонак і накладам 1000 асобнікаў. Над ім працавалі выкладчыкі філфака БДУ,  прафесары і рэгіянальныя аўтары.

З класічнай энцыклапедыі Уладзіміра Караткевіча можна даведацца пра тое, хто і дзе з асяроддзя пісьменніка нарадзіўся і вучыўся, кім з’яўляўся і якім чынам быў звязаны з ім.

Артыкул пра вёску Барздоўка і школьны музей “Гісторыя роднай вёскі” падрыхтаваў беларускі паэт і публіцыст, сябра Беларускага саюза журналістаў і Саюза беларускіх пісьменнікаў, ураджэнец вёскі Якаўлевічы Уладзімір Уладзіміравіч Барысенка.

Дывізам творчай краязнаўчай працы нашага музея сталі словы Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча з яго кнігі “Зямля пад белымі крыламі”: “Любіце гэтую сваю зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена, ды й не патрэбна”. Гэтыя словы вучні зрабілі ў выглядзе разьбы па дрэве на расчыненых старонках драўлянай кнігі. Яна вісіць над уваходнымі дзвярамі музея.

У музеі захоўваюцца копіі вершаў паэта, напісаныя яго рукой і знойдзеныя вучнямі ў Рэспубліканскім музеі-архіве літаратуры і мастацтва, а таксама яго малюнкі. Сяброўка і калега Уладзіміра Сямёнавіча М.Снежка падаравала музею некалькі групавых здымкаў, зробленых падчас  вучобы ў Кіеве ў 1952 годзе і падчас сустрэчы выпускнікоў Кіеўскага Дзяржаўнага  ўніверсітэта ў 1984 годзе. А супрацоўнікі музея Уладзіміра Караткевіча ў Оршы падаравалі кіраўніку музея В. Пячонкіну кнігу “Свет вачыма Караткевіча” (малюнкі, аўтапартрэты, карэкатуры, шаржы), у падрыхтоўцы якой ён прымаў актыўны ўдзел.

Уладзімір Барысенка прыслаў у музей свае нарысы “Мая энцыклапедыя”,  “Уладзімір Караткевіч” і сваю апошнюю кнігу “Перамовы з жыццём”, выдадзеную ў Мінску ў 2020 годзе.

Складальнікамі гэтай кнігі сталі жыццё і абставіны, час і памяць, якія вымушаюць кожнага з нас заглянуць у свой унутраны свет і яшчэ раз задумацца пра мэту і сэнс не толькі свайго асабістага існавання.

 

В.Пячонкін, кіраўнік школьнага музея

“Гісторыя роднай вёскі”.

(Аршанская газета, март 2021 года)